«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,

заходнебеларускі літаратурна-грамадска-навуковы часопіс. Выйшаў 1 нумар у 1936 у Вільні на бел. мове. Рэдактар В.​Тумаш. Меў на мэце кансалідацыю маладых літ. і навук. сіл на грунце нац. ідэі. Ухваляў намаганні розных арг-цый (Т-ва бел. школы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры і інш.) у барацьбе за бел. школу, асвятляў стан і задачы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (арт. «Інтэлігенцыя ў беларускім культурна-грамадскім жыцці» М.​Шкялёнка, «Ці існуе крызіс беларускага руху?» В.​Грышкевіча), знаёміў з гісторыяй бел. летапісаў, у т. л. з уключанымі ў іх аповесцямі і апавяданнямі (Я.​Станкевіч). Змясціў артыкулы Р.​Шырмы «Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі» (пра творчасць кампазітара К.​Галкоўскага), С.​Станкевіча пра стан бел. паэзіі 1920-х г., маст. творы А.​Александровіча, М.​Васілька, П.​Галавача, Х.​Ільяшэвіча, М.​Машары, М.​Танка, а таксама хроніку культурнага жыцця ў Зах. Беларусі і БССР.

А.​С.​Ліс.

Вокладка часопіса «Маладая Беларусь» 1936.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)